Рамансы і песні Станіслава Манюшкі

Спяваем С. Манюшку па-беларуску!

    Постаць Станіслава Манюшкі неверагодна важная для беларускай культуры. Менавіта з манюшкаўскай «Сялянкі», лібрэта да якой напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, пачынае адлік гісторыя беларускай нацыянальнай оперы. Варта адзначыць, што акурат на прэм’еры «Сялянкі» ў 1852 годзе ўпершыню са сцэны прагучала беларуская мова. Акрамя шэрагу вадэвіляў, музычных камедый, опер, Станіслаў Манюшка стварыў амаль чатырыста рамансаў і песень. Асаблівае месца сярод іх займаюць «Сялянскія песенькі з-над Нёмана і Дзвіны». 
 


Станіслаў Манюшка з юнацкіх гадоў, якія прайшлі на Міншчыне, натхняўся беларускім фальклорам,

што і знайшло адлюстраванне ў яго песеннай спадчыне


    Сёлета да святкавання 200-годдзя Станіслава Манюшкі праект «Спеўны сход» распрацаваў цыкл святочных імпрэз, асноўная мэта якіх ‒ папулярызацыя песеннай спадчыны нашага славутага земляка. Дадзеныя сустрэчы ўжо некалькі разоў досыць паспяхова праводзіліся ў Мінску. 

 

«Вандроўная пташка»

Музыка Станіслава Манюшкі, верш Яна Чачота 

Спеўны сход у Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Мінск, 18.05.2019)

«Кум і кума»

Музыка Станіслава Манюшкі, верш Яна Чачота 

"Манюшка-фэст" у Батанічным садзе (23.03.19) 

 


 


Між тым першы Спеўны сход у Вілейцы быў прысвечаны творчасці Станіслава Манюшкі


 

Спяваем рамансы Станіслава Манюшкі ў Вілейцы (26.10.2018)

Вядоўца - Эла Кулеш. Спецыяльны госць - Сяржук Доўгушаў

Песнi

  • Кум і кума

    Кум і кума

    Кума нітак напрала,

    У маток іх звівала.

     

    Кум дзівіўся: як гожа

    Кума ніткі віць можа (2 р).

     

    Наварыў кум ёй піва,

    Частаваў так зычліва

     

    І дзівіўся: як гожа

    Кума піва піць можа (2 р).

     

    Як з бяседы аднойчы

    Кум куму вёў уночы,

     

    Ён дзівіўся: о Божа,

    Кума йсці ўжо не можа (2 р).

  • Вандроўная пташка

    Вандроўная пташка

    Пташка, пташка, 
    Скуль ляціш ты -
    Ці не з нашых
    Ніў? 

    Каб пачуць мне
    Што аб мілай,
    Я б шчаслівы
    Быў. 

    Мо была
    Ў яе садочку?
    Ці не стрэла
    Там 

    Той найгожай,
    Да якой бы
    Паляцеў я
    Сам? 

    Ці не чула
    Выпадкова
    Ты хоць колькі
    Слоў 

    Той, якая
    Не выходзіць
    З маіх юных
    Сноў? 

    Пташка, пташка,
    Адлятаеш -
    Ты ў якую 
    Даль? 

    Ты пакінула
    Шчымлівы
    Мне па мілай 
    Жаль.

     

  • Праснічка

    Праснічка

     

    Гожыя дзяўчаткі
    Ля праснічак селі -
    Тоненькія ніткі
    Цягнуцца з кудзелі.

    Віся, вераценца,
    Віся, ды баржджэй!
    Доўга тая любіць,
    Дзе нітка даўжэй.

    З’ехаў нарачоны
    Ў Кралявец віцінай,
    Развітаўся шчыра
    З каханай дзяўчынай.

    Віся, вераценца,
    Віся, ды баржджэй.
    Доўга тая любіць,
    Дзе нітка даўжэй.

    Весела прадзецца
    Харошай дзяўчыне.
    Тры дні сумавала
    Аб любым хлапчыне.

     

    Віся, вераценца,
    Віся, ды баржджэй.
    Доўга тая любіць,
    Дзе нітка даўжэй.

    Сеў тут іншы хлопец
    Прыгожы, ахвочы.
    Свецяцца ў дзяўчыны
    Ад шчасця зноў вочы.

    Віся, вераценца!
    Рвецца нітка - ой!
    Залілася дзеўка
    Чырванню густой.

     

  • Казак

    Казак

    Расце явар на прыгорку, 
    Явар зеляненькі, 
    Ў чужой вёсцы прападае 
    Хлопец маладзенькі.

    “Гіну, гіну, прападаю,
    Пара уміраці,
    Прасі, дзеўча, прасі, міла,
    Штобы прыйшла маці” (2 р).
     
    Прыйшла маці, прыйшла маці 
    І горка ўздыхнула, 
    Калі на свайго сыночка 
    Мілага ўзглянула.

    “Ой, дзіцятка, ой ты, сыну,
    Сыночку мой мілы,
    Ты не слухаў бацьку, маці −
    Дайшоў да магілы” (2 р). 

    “Прашу, маці, прашу, маці, 
    Хораша хавайце:
    Усе звоны няхай звоняць, 
    Музыку зайграйце.

    Няхай мяне не хаваюць 
    Людзі нанятыя,
    Толькі хлопцы з нашай вёскі, 
    Хлопцы маладыя” (2 р).

    Манюшка Спеўны сход у Віцебску  (25.05.2019)