Песні Філаматаў і Філарэтаў

Філаматы (аматары навук) і Філарэты (аматары маральнай чысціні) - таемныя патрыятычныя таварыствы,якія садзейнічалі ўсеагульнай асвеце праз самаадукацыю і ўзаемадапамогу ў навуковай і літаратурнай дзейнасці. Формай працы былі не толькі навуковыя паседжанні, а таксама  святкаванні і маёўкі, сустрэчы на вольным паветры, дзе гучалі песні - выдатныя ўзоры беларускага студэнцкага фальклору 19 ст. на словы А.Міцкевіча, Я.Чачота, А.Э.Адынца і інш. 

Разам са Спеўным сходам звернемся да спадчыны філаматаў і філарэтаў!

"Хай радасць з вачэй нашых блісне!" у выкананні Аляксея Жбанава

Спяваем "Што старыя за вар'яты" (сл.Я.Чачота, муз.народная)

"Філарэцкая песня" у выкананні Аляксея Жбанава

(Верш напісаны ў турме ў Вільні 1823-24 г., музыка А.Жбанава, словы А.Э.Адынца, пераклад К.Цвіркі)

Песнi

  • Хай радасць з вачэй нашых блісне

    Хай радасць з вачэй нашых блісне

     

    (словы А.Міцкевіча, музыка А.Сакульскага, пераклад Кастуся Цвіркі) 

    Хай радасць з вачэй нашых блісне

    І ўвенчыцца лаўрамі голаў!

    Далонь даланю моцна сцісне.

    Зноў разам мы! Тут нашае кола.

     

    Не возьмем мы хцівасць ва ўжытак,

    Прэч, сквапнасці, пыхі насенне!

    Наш самы высокі набытак – гэта

    Айчына, навука, сумленне.

     

    Гэй, скінем жа з сэрца ўсе путы,

    Брат брату душу хай раскрые.

    З нас кожны – свабодны, раскуты.

    Для нас братэрства словы – святыя!

     

    У спевах, у келіхаў звоне

    Развеюцца сэрца пакуты.

    За плугам хай ты, ці на троне,

    Важна адно – помні нашы Статуты!

     

    Прысягу сяброўскую помні,

    Няхай кожны дзень і імгненне

    Табе свецяць ярка, як промні,

    Словы: Айчына, навука, сумленне!

     

    Хаця і не простай дарогай

    Мы дойдзем да сіняга рання.

    Нам будзе тут неба падмогай,

    Праца і мужнасць, і наша яднанне!

  • Што старыя за вар’яты

    Што старыя за вар’яты

     

    (словы Я.Чачота, музыка народная, пераклад Кастуся Цвіркі) 

    Што старыя за вар’яты:

    Мелюць без прычыны,

    Быццам час свой марна трацім

    Мы каля дзяўчыны.

     

    І ўсё пхнуць нас да работы,

    Хоць таго не знаюць,

    Што да працы я ахвоты

    Без дзяўчат не маю!

     

    З любай стрэнуся, бывае,

    Прыгарну к сабе я,

    Сэрца радасцю палае,

    Галава яснее.

     

    Жыць тады, сябры, ахвота,

    Хораша наўкола,

    Мігам робіцца работа

    З песняю вясёлай!

     

    Дык мяліце ж без прычыны,

    Вы, старыя людзі, -

    Вас паслухаем тады мы,

    Як дзядамі будзем!

  • Прэч, прэч, сум, нудоты!

    Прэч, прэч, сум, нудоты!

     

    (словы Я.Чачота, музыка народная, пераклад Аляксея Жбанава)

    Прэч, прэч, сум, нудоты!

    Лі шчодра віно ты –

    Акавіта поўніць шклянкі

    Для сяброў і для каханкі.

     

    Пі, брат, весяліся,

    Скачы – не цвяліся.

    Ранку шчэ ці прычакаем,

    А што выпіта – то маем.

     

    Хадзі ж дарагая –

    Сэрца знемагае.

    Так цябе закружыць танец –

    Сіл у ножачках не стане.

     

    Скрыпач справу знае –

    Паланэз зайграе,

    З нашых танцаў самы важны,

    Урачысты і паважны.

     

    Ён навее згадкі,

    Што мы тых нашчадкі,

    Хто, хоць піў таксама спраўна,

    З ворагамі біўся слаўна.

     

    Нельга, шляхта-брацці,

    Годнасць нам губляці,

    Спаражніўшы й сотню шклянак

    За здароўе ўсіх каханак!

  • Батыр (Касец)

    Батыр (Касец)

     

    (словы Я.Чачота, музыка Т.Зана, пераклад Кастуся Цвіркі)

    Раскажы ты мне, батыр, якое сонца

    Тут цябе пячэ больш, у тваёй старонцы?

    Тое, што па небе над табой гуляе

    Ці што воч ясноту на цябе ўздымае?

     

    Сонца з неба голаў апячэ ці палец,

    Любая ж пастушка жарам сэрца паліць.

    Ліпы цень шырокі – схова ад прамення,

    Ад агню ж кахання дол сыры – збавенне.