Песнi

Ой, лятала шэра перапёлка (жніўная)

Летнiя

Ой, лятала шэра перапёлка (жніўная)

(Запісана ад маці Рыгора Барадуліна Акуліны Андрэеўны ў 1969 г.)

Ой, лятала шэра перапёлка
Ды па чыстым полі, ой лятала.

Ой, шукала шэра перапёлка
Сваiх дробных дзетак, ой шукала.

Ды не знайшла шэра перапёлка
Сваiх дробных дзетак ды не знайшла.

Толькi знайшла ды яна мясцечка,
Халодна гняздзечка толькi знайшла.

Ой хадзіла горкая сіротка
Ды па чыстым полі, ой хадзіла.

Ой, шукала горкая сiротка
Сваiх татку з мамкай, ой шукала.

Ды не знайшла горкая сiротка
Сваiх татку з мамкай ды не знайшла.

Толькi знайшла ды яна крынiцу
Сцюдзёну вадзiцу толькi знайшла.

 

Выконвае: Фальклёрны гурт “Варган”

Альбом «Музыка Полаччыны» ( “Tradycyja” 2018г.)