Песнi

Ляцела пава распавітая

Веснавыя

Ляцела пава распавітая

(в. Павулле, Ушацкі раён)

Ляцела пава распавітая

Зялён явар, дубрава

Раняла пер’ейка пазлацістае

Манечка мала ў поле ганяла

У поле ганяла пер’е збірала

Пабольшанькае – у рукавочак

Паменьшанькая – у падалочак

Пазбіраючы, вяночак віла

А як совіла, пахвалялася

Ніхто не сарвець пярловы вянец

Як узнялісі буйныя ветры

Ой і сарвалі пярловы вянец

Ой і панясьлі на сіня мора

На сінім моры тры рыбаловы

Тры рыбаловы рыбу лавілі

Рыбалоўчыкі, вы малойчыкі 

Ай закіньце ж вы шалковы сеткі

Ай дастаньце ж вы пярловы вянец

Аднаму я дам шалкову хустку

Другому я дам залаты персцень

Трэццему я дам праваю ручку

Што хустку дала – з тым кахалася

Што персцень дала – з тым любілася

Што ручку дала – за таго зайшла