Песнi

Пагоня

Рамансы
і песні
1-й паловы XX ст.

Пагоня

(Музыка  Міколы Шчаглова-Куліковіча. Словы Максіма Багдановіча)

 

Толькі ў сэрцы трывожным пачую 
За краіну радзімую жах, - 
Успомню Вострую Браму сьвятую 
І ваякаў на грозных канях.

У белай пене праносяцца коні, - 
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць... 
Старадаўняй Літоўскай Пагоні 
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязьмерную даль вы ляціце, 
А за вамі, прад вамі - гады. 
Вы за кім у пагоню сьпяшыце? 
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

 Мо яны, Беларусь, панясьліся 
За тваімі дзяцьмі наўздагон, 
Што забылі цябе, адракліся, 
Прадалі і аддалі ў палон?

Біце ў сэрцы іх - біце мячамі, 
Не давайце чужынцамі быць! 
Хай пачуюць, як сэрца начамі 
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна! 
Не ўсцішыцца гэтакі боль... 
Ты прабач, ты прымі свайго сына, 
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні, 
Срэбнай збруяй далёка грымяць... 
Старадаўняй Літоўскай Пагоні 
Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць