Песнi

Не загаснуць зоркі ў небе

Рамансы
і песні
1-й паловы XX ст.

Не загаснуць зоркі ў небе

(Словы  Янкі Купалы. Музыка Мікалая Янчука)

 

Не загаснуць зоркі ў небе
Покі неба будзе, -
Не загіне край забраны,
Покі будуць людзі.

Ночка цёмная на свеце
Вечна не начуе;
Зерне, кінутае ў ніву,
Ўсходзіць ды красуе. (2 р)

Наша зерне - нашы думкі -
Не загінуць свету, -
Бліснуць краскай непаблеклай
Вечных агняцветаў.

З добрых думак, што мы кінем
На сваім дзірване,
Будзе ўнукам нашым жніва -
Доля, панаванне. (2 р)

Беларускаю рукою
Светлай праўды сіла
Славу лепшую напіша
Беларусі мілай.

Зацвіце яна, як сонца
Пасля непагоды,
Ў роўнай волі, ў роўным стане
Між усіх народаў. (2 р)

Не загіне край забраны,
Покі жывы людзі, -
Не загаснуць зоркі ў небе,
Покі неба будзе. (2 р)