Песнi

Хай радасць з вачэй нашых блісне

Песні
філаматаў
і філарэтаў

Хай радасць з вачэй нашых блісне

 

(словы А.Міцкевіча, музыка А.Сакульскага, пераклад Кастуся Цвіркі) 

Хай радасць з вачэй нашых блісне

І ўвенчыцца лаўрамі голаў!

Далонь даланю моцна сцісне.

Зноў разам мы! Тут нашае кола.

 

Не возьмем мы хцівасць ва ўжытак,

Прэч, сквапнасці, пыхі насенне!

Наш самы высокі набытак – гэта

Айчына, навука, сумленне.

 

Гэй, скінем жа з сэрца ўсе путы,

Брат брату душу хай раскрые.

З нас кожны – свабодны, раскуты.

Для нас братэрства словы – святыя!

 

У спевах, у келіхаў звоне

Развеюцца сэрца пакуты.

За плугам хай ты, ці на троне,

Важна адно – помні нашы Статуты!

 

Прысягу сяброўскую помні,

Няхай кожны дзень і імгненне

Табе свецяць ярка, як промні,

Словы: Айчына, навука, сумленне!

 

Хаця і не простай дарогай

Мы дойдзем да сіняга рання.

Нам будзе тут неба падмогай,

Праца і мужнасць, і наша яднанне!