Песнi

Верабей варыў піва

Дзіцячыя

Верабей варыў піва

     А у печы жар-жар,

     На прыпечку дзiва:

     Наварыў верабей

     Пшанiчнага пiва.

 

     А для дарагiх гасьцей

     Мурашку зарэзаў!

     Кадку мяса насалiў,

     Шост кiлбас навесiў!

 

     Чалом-чалом, верабей,

     Лятуць к табе госьцi!

     Ляцi скарэй пераймаць

     Важных ягамосьцяў!

 

     Ляцiць доўгi журавель,

     За iм -- чапля i хрушчэль,

     I панi стракатка --

     яна яму матка.

 

     I панi чачотка --

     Яна яму цётка,

     Сiняя сiнiчка --

     Родная сястрычка.

 

     Прыляцелi совы,

     Селi па застольлю.

     Прыляцелi каўкi,

     Паселi на лаўкi.

 

     А варона хлябок кроiць,

     А муха мiсачкi строiць,

     Камар пiва носiць,

     Пiцi-есьцi просiць.

 

     Елi кашу са швядамi,

     Елi верашчаку,

     Як пад'елi-напiлiся,

     Ўсе сказалi дзякуй!

 

     Крук варону -- стук у бок,

     Сойка сойку -- за чубок

     Завялiся бiцца,

     Не маглi зьмiрыцца!

 

     А хрушчэль упiўся

     Пад стол завалiўся

     А сарока пайшла ў скокi

     Ўзяўшыся убокi...

 

     На вясельлi вераб'я

     Весялiлiся да дня...

     Я таксама там быў,

     Саладзенькi мёд пiў!