Песнi

Настаўнік Рагойша

Народны
альбом

Настаўнік Рагойша

 

Тысяча дзевяцьсот дваццаць шосты год.
Мястэчка Ракаў пры панскай Польшчы.
У цэнтры плошча. На плошчы касьцёл.
Па плошчы ідзе настаўнік Рагойша.
Ён апрануты па апошняй модзе:
На ім галіфэ, камізэлька ды гальштук,
На ім акуляры ды новыя боты.
Новыя боты добрай работы!
Сам ён тутэйшы - вярнуўся нядаўна.
Вучыўся на фізыка ў Ратэрдаме.
Ну, ёсьць такі горад недзе ў Эўропе.
Але гэта, зрэшты, не вельмі істотна.

Дык вось пра Рагойшу - у школе працуе,
А дома чытае ды нешта майструе.
Напрыклад, наставіў на даху антэну,
Зрабіў зазямляльнік, аплёў дротам сьцены
I прыстасову паствіў у хаце.
Даруйце, панове, завецца "адапцер".
Яшчэ ёсьць дынамік і ручка настройкі.
А ў школе - сабака - паставіў мне "тройку",
Але не пакрыўдзіўся я на Рагойшу:
Я ў школе не лепшы, але і не горшы.
Затое Рагойша сказаў па сакрэту,
Навошта наставіў анценіну гэту.
Маўляў, яна ловіць нябачныя хвалі,
Якія, як быццам, у часе блукалі.
Ці будуць яны яшчэ ў часе блукаць...
Даруйце, панове, мне цяжка казаць.

Я, кажучы шчыра, ня ўсё разумею,
Але кажу праўду, кажу, як умею.
Дакладней, кажу, як тлумачыў Рагойша,
А ён, можа, зблытаў або перабольшыў.
Але прысягаю: ўночы аднойчы
На ўласныя вушы, на ўласныя вочы
Я бачыў і чуў, як у Рагойшавай хаце
Сьвяціўся і граў той, даруйце, адапцер.
I слухаў Рагойша вар'яцкія гукі -
Пякельныя енкі, пачварныя хрукі,
Як быццам бы д'ябал пілікаў на скрыпцы.
I мне закарцела пабегчы ў паліцыю,
Але не пабег я, стаяў скамянеўшы,
Збляднелы, нібыта два тыдні не еўшы.
I вось адчыняюцца дзьверы ў хаце
I кажа Рагойша:"3аходзьце, сядайце!"
Заходжу, кажу: "Вечар добры ў хату!"
"Год тысяча дзевяцьсот семдзесят пяты", -
Кажа ён мне і дзіка рагоча.
I я зразумеў: вар'яцее Рагойша.
Шалее Рагойша. I я адчуваю,
Як б'е ў галаву маю музыка тая
I я паміж волі раблюся вар'ятам
Ад музыкі, гранай у семдзесят пятым.

Я страціў прытомнасьць ад року ды панку,
3 бальной галавой ачуняў толькі ранкам
I болей ніколі ў жыцьці да Рагойшы
Я не пайду... Лепш нап'юся ў Мойшы,
У простай звычайнай карчме местачковай
Гарэлкі празрыстай, гарэлкі жытнёвай!