Песнi

Аддаюся я каханню

Рамансы Мiхала Клеафаса Агінскага

Аддаюся я каханню

(Музыка М.Кл.Агінскага, Словы невядомага аўтара, пераклад Васіля Сёмухі)

 

Аддаюся я каханню

Ад цямна і да відна,

Хай не кіне нас яднанне

I на поўным схіле дня.

О, любоўнасці крыніца,

Ці магла б ты так умець

Зноў паслаць мяне на смерць,

А самой адной знябыцца?

А самой адной знябыцца?

 

Ты кахаеш! Слова — дзіва,

Полымя душы дае,

Божая рука шчасліва

Слёзы выцерла мае.

А калі мне лёс варожы

Ўдзеліць спадчыны такой,

Гордай я каханцы свой

Лёс не кіну на падножжа.

Лёс не кіну на падножжа.

 

Што мне ўдары грознай Паркі*,

Што мне помслівы праклён,

Як з пяшчотаю каханкі

Сыдзе рэшта маіх дзён,

Як анёл мой дух абудзіць,

Да нябёс яго памкне,

Хай твая рука ўва мне

Полымя душы астудзіць.

Полымя душы астудзіць.

 

Парка*- у старажытнарымскай міфалогіі

– багіня лёсу